среда, 26 января 2011 г.

A R C H E S l o u n i k S v a b o d y

Вусны (by Сяргей Харэўскі).

"Адказваць пісьмова ці вусна" — пытаюцца вучні ў настаўнікаў. Калі вусна — той адказ будзе распаведзены вуснамі.
"Я азёрную сінечу вуснамі лаўлю", — пяецца ў песьні. Чаго толькі ні робіцца вуснамі — прамаўляюцца лёзунгі, шэпчуцца прапановы, смакуецца пітво і чыесьці іншыя вусны.
"Ногі падкасіліся і ў мне, і ў ёй. Зьліліся вусны з вуснамі самі сабой", — клясычныя купалаўскія радкі. Вусны зьліваюцца, дакранаюцца, датыкаюцца. Вусны гарачыя, палымяныя, прагныя. Ну, вядома ж, яны могуць быць, як маліны ці як вішні.
Ад вуснаў утварыліся і вусы. Хоць вусы — зусім неабавязковая дэталь да вуснаў. Вусьціш — найперш ціш, зьмяненьне, зьнерухомленьне вуснаў. Вусень насамрэч падобны да вуснаў сваімі плаўнымі, пераборлівымі, прагнымі рухамі па сваёй сакаўной ежы. Па вуснах заўжды смак — салоны смак крыві, салодкі смак суніцаў ці горкі смак праўды.
Па вуснах мяркуюць і пра людзей наагул. Бо вусны бываюць зычлівымі і пажадлівымі, злымі і ласкавымі, бязвольнымі і рашуча сьціснутымі. Зь іх мы чуем вітаньні і праклёны, шчырыя малітвы і шчырую ману, пустыя дэклярацыі і словы гонару. Зь іх і тчэцца нашая вусная гісторыя, заўсёды праўдзівейшая, чым гісторыя пісьмовая, бо сказанае вусна ўжо ня выправіш. Бо яе ж выслаўляюць жывыя людзкія вусны.


Комментариев нет:

Отправить комментарий